milaserny.by

 

 

Ад сэрца дзякуй за фінансавыя цаглінкі


 Пяць месяцаў таму па загаду біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча я быў накіраваны пробашчам маладой пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага. За 20 гадоў святарства служыць людзям прывык. А тут трэба прадаўжаць будаўніцтва касцёла. Разумеў, што знайсці спонсараў у наш няпросты час будзе складана, а работы яшчэ безліч, ахвяраванні вернікаў невялікія.
 На пасяджэнні касцельнай рады рашылі, што трэба прасіць парафіян аб дадатковых зборах грошай раз у квартал. Адказныя за мікрараёны пайшлі па кватэрах і ўжо ў ліпені сталі прыносіць ахвяраванні. Дружна адклікнуліся на просьбу жыхары мікрараёна вуліцы Юбілейнай. Дзякуй ім за аператыўную ахвярнасць. 
 Стаў дамаўляцца з пробашчамі іншых касцёлаў пра магчымасць папрасіць аб дапамозе іх парафіян. Браты ў святарстве мяне падтрымалі. Пабываў на адпустовых фэстах у Міёрах, Верхнядзвінску, Глыбокім, Дунілавічах, Шаркаўшчыне. Дзякуючы складзеным ахвяраванням практычна завершаны мантаж электраправодкі, тынкаванне сцен звонку і ўнутры. А жыхары Сяргеевіч, Вольсі самі праявілі ініцыятыву, сабралі грошы і перадалі для нашай парафіі. У мінулую суботу з парафіянамі былі на фэсце ў Варапаеве, дзе адзначалі 25-годдзе касцёла. Варапаеўцам, як нікому іншаму, добра вядома як няпроста пабудаваць храм. Таму людзі шчыра адклікнуліся на нашу просьбу. 
 Падчас святой Імшы мы пастаянна молімся за ахвярадаўцаў, просячы для іх Божай ласкі. Работы яшчэ ў новай святыні і каля яе вельмі шмат. Таму буду рады кожнаму рублю, а таксама вашай малітве за нашу парафію. Няхай Добры Бог аддзячыць кожнаму, хто ўносіць свой уклад ва ўзвядзенне касцёла.
      Ксёндз-дэкан Павел Самсонаў, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах
No posts found.

ГІСТОРЫЯ

1522 г

Гісторыя парафіі ў Паставах узыходзіць да 1522 г., калі тут быў пабудаваны драўляны касцёл Маці Божай, фундатарам якога быў Ян Зяновіч, маршалак ашмянскі. У парафіі знаходзіцца срэбны келіх з інкрустацыяй – «Падараваны парафіі пастаўскай у 1635 г.». Праз 140 гадоў касцёл быў знішчаны, хутчэй за ўсё, падчас вайны з Расіяй ў 1654–1667 гг. Адбудаваны ў 1760 г. касцёл не захаваўся, цяпер на яго месцы стаіць праваслаўная царква. У 1640 г. на выспе паміж ракой Мядзелкай і каналам каралеўскім сакратаром Станіславам Бяганскім і яго жонкай Ганнай з Сехеняў быў фундаваны кляштар францішканцаў і касцёл. Пасля лістападаўскага паўстання ў 1832 г. кляштар быў ліквідаваны. Рэшткі старога касцёла разабралі, на яго месцы ў 1880-1887 гг. (па іншых звестках – у 1898-1904 гг.) пачалося будаўніцтва цяперашняга касцёла св. Антонія Падуанскага.

Парафія Езуса Міласэрнага была аддзелена ад парафіі св. Антонія Падуанскага. Рэгістрацыя дзяржаўнымі органамі адбылася 17 снежня 2014 г. Новы прыход налічвае каля дзвюх тысяч каталікоў.

З 26 снежня 2015 па 19 студзеня 2016 праходзіла Грамадскае абмеркаванне будаўніцтва касцёла Езуса Міласэрнага на вуліцы Касманаўтаў у Паставах.  Грамадскасць Паставаў падтрымала будаўніцтва ў горадзе касцёла Езуса Міласэрнага.

Если Вам
нужна помощь!

напишите нам письмо

Религиозная община «Приход Иисуса Милосердного в гор.Поставы Витебской Епархии Римско-католической Церкви в Республике Беларусь»