У суботу, 3 верасня, у беларускім Непакалянаве — Удзела Глыбоцкага дэканату — прайшла агульнадыяцэзіяльная сустрэча апостальскага руху “Маргарыткі” . Разам з прадстаўнікамі з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Дзеркаўшчыны маліліся там і “Маргарыткі” пастаўскіх парафій Езуса Міласэрнага і Антонія Падуанскага. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе чысціню і прастату. Сутнасць апостальскага руха свецкіх людзей, аб’яднаных у групу “Маргарытка”, заключаецца ў тым, што кожны дзень пэўная асоба моліцца за святароў, сясцёр законных. Члены пастаўскіх “Маргарытак” ахінаюць сваёй малітвай пробашчаў ксяндза-дэкана Паўла Самсонава і ксяндза Вадзіма Прасянога, іншых святароў, якія служаць у гэтых парафіях, а таксама сясцёр Канстанцыю і Цыпрыяну, ксяндзоў, якія нарадзіліся або працавалі раней на Пастаўшчыне.