milaserny.by

"Апостальства дапамогі душам чысцовым"

У суботу, 29 кастрычніка, у Браславе прайшло першае агульнадыяцэзіяльнае спатканне груп Апостальства дапамогі душам чысцовым.
Удзел у ім прынялі і прадстаўнікі нашай парафіі на чале з адказнай за рух Данатай Казлоўскай. Прысутныя на спатканні маліліся Вяночак за памерлых, удзельнічалі у Святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Шмат цікавага і пазнавальнага даведаліся на канферэнцыях “На шляху да вечнасці” і “Малітва за памерлых — актыўны ўдзел у збаўленні душаў”, якія правялі аніматар Аліна Новікава і пробашч касцёла ў Глыбокім ксёндз Мікалай Ціхановіч.
Да руху Апостальства дапамогі душам чысцовым можа належаць кожны практыкуючы католік (незалежна ад становішча і ўзросту), які прагне несці дапамогу душам чыстцовым. Місія дапамогі памерлым датычыць жыцця кожнага чалавека, бо кожны з нас калісьці пройдзе праз браму смерці, а перад гэтым, магчыма, перажыве адыход сваіх блізкіх з гэтай зямлі. Вельмі верагодна, што наш і іх шлях да неба будзе пралягаць праз чысцец. Таму заўсёды патрэбная малітва за памерлых — за тых, хто тут, на зямлі, не да канца ўдасканаліўся ў любові да Бога і бліжняга, хто не цалкам адказаў на Божую волю ў зямным жыцці.