Могілкі ў вёсцы Лукашова Навасёлкаўскага сельсавета, якія цяпер належаць да пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага, існуюць даўно. Спачатку тут былі пахаванні толькі мясцовых праваслаўных, а таксама з Сакалоў, Кавалёў, Вештартаў, Курдоў, Варон. Католікі апошні спачын знаходзілі на парафіяльных могілках у Груздаве, дзе ў свой час быў касцёл. Калі храм разбурылі, многіх католікаў таксама сталі хаваць у Лукашове.
Сёлета па ініцыятыве старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета Святланы Мелец тут правялі некалькі суботнікаў: спілавалі некаторыя дрэвы, павысякалі хмызняк, плошчу пад могілкі пашырылі, памалявалі агароджу. А напярэдадні ўспаміну ўсіх памерлых устанавілі праваслаўны і каталіцкі крыжы. Іх вырабіў пастаўчанін Уладзімір Каравацкі. А ксёндз-дэкан Павел Самсонаў 5 лістапада падчас малітвы за памерлых асвяціў. На супольную малітву сабралася каля 70 чалавек, чые родныя спачываюць у Лукашове.
Трымцелі агеньчыкі лампадак, вычытваліся імёны і прозвішчы тых, хто навечна адышоў у свет іншы, гучала малітва і сэрца напаўнялася як смуткам, так і надзеяй на сустрэчу з роднымі у Божым Валадарстве. Упэўненасці ў гэтым надаваў крыж. На ім за ўсіх нас памёр Езус Хрыстус. І ўваскрос! Ён жыве і прагне адарыць кожнага з нас вечным жыццём!
У ксяндза-дэкана ўзнікла ідэя: на наступны год малітву за памерлых на лукашоўскіх могілках зрабіць больш шырокай і глыбокай — правесці святую Імшу.